ГАЙЦЮ́НІШСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана, ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.​Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.

Гайцюнішская капліца. Фота пач. 20 ст.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)